АБЕРДЗІ́Н-АНГУ́СКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы. Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі (графствы Абердзін і Ангус) удасканаленнем мясц. чорнай бязрогай жывёлы. Гадуюць у Расіі, Казахстане, на Украіне, у Аўстраліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і інш. На Беларусі выкарыстоўвалася для прамысл. скрыжаванняў з малочнымі і малочна-мяснымі пародамі. Парода скараспелая, ёй уласціва ранняе адкладанне тлушчу і якаснае мяса з выражанай «мармуровасцю».
Жывёла з выразнымі мяснымі формамі і лёгкім касцяком. Характэрныя прыкметы — бязрогасць і чорная масць, якія ўстойліва перадаюцца патомству пры скрыжаваннях з інш. пародамі. Вызначаецца высокай пладавітасцю і лёгкасцю ацёлаў. Жывая маса нованарожаных цялят 25—28 кг, ва ўзросце 7 месяцаў 180—200, у 18 месяцаў 400—450 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 750—900 кг. Забойны выхад дарослых жывёл 60%.
т. 1, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)